КУПА́ЛАЎСКІ МЕМАРЫЯ́ЛЬНЫ ЗАПАВЕ́ДНІК «ЛЯЎКІ́» Засн. 11.10.1978 у Аршанскім р-не Віцебскай вобл. з цэнтрам ва ўрочышчы Ляўкі. Агульная пл 19 га, пл. пабудоў 493 м2. Тут на дачы ў 1935—41 жыў і працаваў Я.Купала. На тэр. запаведніка будынак б. канторы Копыскага лясніцтва, у якім размешчаны Купалы Янкі літаратурнага музея філіял «Ляўкі», дача Я.Купалы (адноўлена ў 1981), паркавая скульптура «Восень паэта» (скульптар А.Анікейчык), домік шафёра, гараж з легкавым аўтамабілем Я.Купалы, гасп. пабудовы, зона масавых гулянняў. З 1980 тут праводзяцца святы паэзіі, злёты студэнтаў-філолагаў БДУ, школьныя ранішнікі.